ІНСТЫТУ́Т ЗААЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі (у 1932—58 Аддзел фауны Ін-та біялогіі). Лабараторыі (1998): экалогіі наземных пазваночных жывёл, арніталогіі, энтамалогіі, іхтыялогіі, водных беспазваночных жывёл, гідраэкалогіі, паразіталогіі. Аспірантура (з 1958), дактарантура па спецыяльнасцях «заалогія» і «гідрабіялогія» (з 1994).

Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах нарастання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў вядзення экалагічнага маніторынгу; навук. абгрунтаванне развіцця і расшырэння сеткі ахоўных прыродных тэр.; вядзенне Чырв. кнігі рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Вынікі даследаванняў: распрацаваны метадычныя асновы, прынцыпы складання і прагноз стану і дынамікі жывёльнага свету, канцэпцыя для планавання рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў найб. значных відаў і груп паляўнічай фауны, рыбных запасаў вял. азёр Беларусі і ахове рэдкіх і знікаючых відаў рыб, рэканструкцыя фауны і акліматызацыя гідрабіёнтаў у падагрэтых водах энергет. аб’ектаў, меры па барацьбе з узбуджальнікамі паразітозаў і пераносчыкамі каранцінных і асабліва небяспечных захворванняў на тэр. Беларусі. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.Е.Макушок, чл.-кар. І.М.Сяржанін; працуюць акад. Нац. АН Беларусі і Рас. АН Л.М.Сушчэня, чл.-кар. М.М.Пікулік (дырэктар), 7 дактароў навук.

М.​М.​Шкулік, А.​Я.​Пленін.

т. 7, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)